Веснавы Cпеўны сход
Беларускія песні вясны
Веснавыя песні займаюць важнае месца ў беларускай народнай творчасці, яны паказваюць еднасць чалавека з прыродай і адлюстроўваюць спадзяванні на добрае жыццё. У песнях вясны вітаецца цяпло, а таксама апяваецца каханне, часта песні маюць гарэзныя матывы.
Значная частка веснавых песень – вяснянкі, якія выконваліся ў часе гукання вясны, а таксама карагодныя песні. У гэты ж час валачобнікі спявалі свае «валачобныя» песні, з якімі хадзілі па хатах.
Выкананне народнай песні «Вол бушуе»
Вядоўца: Сяржук Доўгушаў
Агу, весна! (вяснянка) з гуртом «Guda»
Веснавая карагодная песня «Волотар»
разам з гуртом «Guda»
«Валачобнічкі валачыліся» (валачобная)
з Сержуком Доўгушавым
«А крывога танца» (веснавая карагодная)
Выкананне «Што й па мору»
з гуртом «Guda»
Веснавая карагодная песня «Мядуніца». Гурт «Guda»
ПЕСНІ
(вёска Вобчын, Любанскі раён)
Вол бушуе, вэсну чуе,
Вол бушуе, вэсну чуе,
Воран крача, сыра хоча.
Воран крача, сыра хоча,
Воран крача, сыра хоча,
Дзеўка плача, замуж хоча.
Не бушуй вол, пойдзеш у поле,
Не бушуй вол, пойдзеш у поле,
Да ў поле на гарэ.
Не плач, дзеўка, пойдзеш замуж,
Не плач, дзеўка, пойдзеш замуж,
Да за мужам пажывеш.
Воран крача, сыра з’еўшы,
Воран крача, сыра з’еўшы,
Дзеўка плача, сына меўшы.
(вёска Ольпень, Столінскі раён, Брэсцкая вобласць)
– Волотар, волотар, (кожны радок паўтараецца двойчы)
– Отчыняй ворота!
– Ой, а хто там крычыць?
– Князёвэ дзіця,
– А чого вно крычыць?
– В огород хочэ,
– А на шчо в огород?
– Красок на вэнок,
– Ой, а на шчо вэн’кі?
– Пойдём у тан’кі.
Выконваюць:
гурт «Горынь»
(з альбома веснавых песень «Да падай Божа ключы», 2012)
(вёска Букча, Лельчыцкі раён, Гомельская вобласць)
Агу, весна! Агу, красна!
Ой, што ж ты нам прынесла? У!
Старым бабкам по кіёчку,
А дзевачкам по веночку, У!
А дзевачкам по веночку,
Малым дзеткам по йіечку. У!
А крывого танца
Да не вуведу конца,
Хоць вуведу конец
На баценькоў дворэц,
А ў баценьком дворы
Там дзеўкі гуляюць,
Цветочкі зрываюць,
Веночкі звіваюць,
Песеньку спеваюць.
Запісала І. В. Мазюк у 2011 г. у в. Слабада Лельчыцкага раёна ад Марыі Маркевіч,
1930 г.н., Марыі Баланчук, 1933 г.н., Марыі Забаўка, 1933 г.н., Яўгеніі Забаўка, 1937 г.н.,
Таццяны Юнчыц, 1941 г.н., Ніны Шкарлінскай, 1942 г.н., Марыі Сакалоўскай, 1946 г.н.,
Кацярыны Баланчук, 1945 г.н., Ніны Сасноўскай, 1948 г.н., Таццяны Прыходзька, 1956 г.н.,
Галіны Акуліч, 1961 г.н., Марыі Палуянавай, 1958 г.н., Вольгі Карась, 1960 г.н.
Што й па мору, Што й па мору
Што й па мору, мору сіняму
Што й па мору, мору сіняму
Там плавала, Там плавала
Там плавала стада Белых лебядзей
Там плавала стада Белых лебядзей
Са малымі, Са малымі
Са малымі лебядзятамі
Са малымі лебядзятамі
Адкуль узяўся, Адкуль узяўся,
Адкуль узяўся, шыза-белы арол
Адкуль узяўся, шыза-белы арол
Разбіў стаду, Разбіў стаду
Разбіў стаду ўсё па сіняму мору
Разбіў стаду ўсё па сіняму мору
Белы пушок, велы пушок
Белы пушок па пад небейку пайшоў
Белы пушок па пад небейку пайшоў
Шыза пер’е, Шыза пер’е
Шыза пер’е па зялёнаму лужку
Шыза пер’е па зялёнаму лужку
А хто ж тое, а хто ж тое
А хто ж тое шыза пер’е сабярэ
А хто ж тое шыза пер’е сабярэ
Збярэ пер’е, Збярэ пер’е
Збярэ пер’е красна дзевіца
Збярэ пер’е красна дзевіца