Валачобнічкі валачыліся (валачобная)

Валачобнічкі валачыліся,
Зялён явар, дуброва!
Пад вакошачкі станавіліся,
Ці ты спіш, ляжыш, пане хазяін?
Устань раненька, ўмыйся беленька,
А што на тваём дварку дзеецца,
Цэркаўка стаіць да ўсё новая,
А ў той цэркаўкі да прастол стаіць,
А на прастоле Госпад Бог сядзіць.
Госпад Бог сядзіць, кнігу чытаець,
Кнігу чытаець, святы злічаець,
Якому святу й напяродісці.
А йшоў напяродда й святы Ізбор,
А святы Ізбор – бяжыць вада з гор,
Святы Яўдакеі зіму рушылі,
Святы Саракі – не йдзіда ракі.
Благавешчанне да заворваець
Вараным канём, залатой сахой,
Свята Вярбіцка ў цэркаў хадзіла,
У цэркаў хадзіла, вярб усвянціла.
А Вялікадня – Хрыстоў дзянёчак.
Кладзік ладачку, заві ў хатачку,
Дай, Божанька, жыць весяліціся,
Кароў гадаваць, дачок аддаваць,
А святы Юр’я зямлю адмыкаў,
А святы Мікола поле абсяваў,
А Ўзнясеннійка жыта раўнуець,
Святое Пятро жыта спяліла,
Святая Ілля жыта нажала,
Багародзіца намалаціла,
Святы Макавей бульбы накапаў,
Бульбы накапаў, рабят накарміў.

Выконвае: Фальклорны гурт «Варган»
Альбом «Музыка Полаччыны» («Tradycyja», 2018 г.)

Спеўны сход