Спеўны сход: «Полацкі сшытак» і «Куранты»
Узоры старадаўняй беларускай песні
«Полацкі сшытак» і «Куранты» – два каштоўныя зборнікі музычнага мастацтва, якія даюць уяўленне пра беларускую старажытную музыку.
«Полацкі сшытак» ёсць рукапісным зборнікам беларускай музыкі XVII стагоддзя, складзеным у вёсцы Астрамечава на Берасцейшчыне. Ён уключае больш за 60 вакальных і інструментальных твораў з выразнай стылістыкай барока, мясцовыя напаўфальклорныя традыцыі спалучаюцца ў музыцы зборніка з італьянскімі і французскімі ўплывамі. Песенныя і танцавальныя творы блізкія да стылістыкі кантаў і псалмоў. Тэксты ў ім напісаны на старабеларускай, стараславанскай і лацінскай мовах.
«Куранты» – зборнік кантаў 1733 года на славянскіх мовах, частку якога складаюць беларускія песні. Тэматыка твораў выключна свецкая, што даволі рэдкая з’ява для гэтага часу. Большую частку зборніка займае любоўная лірыка, але сустракаюцца бытавыя, застольныя і жартаўлівыя сюжэты. Як мяркуецца, творы пераважна старэйшыя за сам зборнік, бо ён складаўся шляхам перапісвання.
Сшытак «Куранты» – кант «Чэраз рэчку»
Ансамбль старадаўняй музыкі «Кантабіле» і Спеўны Сход
Свабодныя рухі – свабодны спеў!
«Полацкі сшытак» – канцона «Гануся-сардэнька»
ПЕСНІ
(кант XVIII cт. з вакальнага сшытка «Куранты»)
Чэраз рэчку па памосці
да дзяўчыны пайду ў госці,
даў ёй дзень добры ў любві прывітаці.
Стаўшы на дворы
з паклонам скорым,
даў ёй ручэньку,
сваёй міленькай,
там паздароўлю з ёю ся размоўлю.
Сядзь жа дзяўчынонька блізка,
пакланюся табе нізка,
дай жа ўцешуся з чорных тваіх вочаў.
Красна дзяўчына,
бела рыбчына,
дай жа мне піва,
ты чарнабрыва.
Выпівай паўны стаканы,
за здароўе сваёй панны,
зараз дазнаю тваёй зычлівосці:
кветку з вяночка
мне каханочку, –
з табою танец
пайду ў шквадранец.
Хай музыканты зайграюць куранты!
канцона з «Полацкага сшытка»
Гануся, сардэнька,
маё ты каханне,
Дай жа мне ручонку,
цераз цалаванне.
Гануся, сардэнька,
паліш маю душу!
Сярод ночы апаўночы
прыйсці да цябе мушу.
Гануся, сардэнька, харошае зелле,
дай жа мне ручонкі –
будзеш мець спасенне!
канцона з «Курантаў»
А ў полі рэчка
Цераз рэчку кладка
Не пакінь жа, мой міленькі,
Не велела матка.
Як жа ты пакінеш,
Першы сам загінеш,
Быстранькаю рэчанькаю
За Дунай заплывеш.
Будзеш утапаці,
Ручаньку даваці.
А я млода, як ягода
Буду ратаваці.
Вадой грае рэчка
Травою заросла
А што ж майго міленькага
За Дунай занёсла.
Ой гаё, мой гаю,
Зеляны мой гаю,
Любіўшыся, кахаўшыся
Растаціся маю.