Рамансы і песні
1-й паловы XX ст.
Зорка Венера
(Музыка Сымона Рак-Міхайлоўскага. Словы Максіма Багдановіча)
Зорка Венера ўзышла над зямлёю,
светлыя згадкі з сабой прывяла…
Помніш, калі я спаткаўся з табою,
зорка Венера ўзышла.
З гэтай пары я пачаў углядацца
ў неба начное і зорку шукаў.
Ціхім каханнем к табе разгарацца
з гэтай пары я пачаў.
Але расстацца нам час наступае
пэўна, ўжо доля такая у нас.
Моцна кахаў я цябе, дарагая,
але расстацца нам час.
Буду ў далёкім краю я нудзіцца,
ў сэрцы любоў затаіўшы сваю
кожную ночку на зорку дзівіцца
буду ў далёкім краю.
Глянь іншы раз на яе, – у расстанні
там з ёй зліём мы пагляды свае…
каб хоць на міг уваскрэсла каханне,
глянь іншы раз на яе…