Што старыя за вар’яты:
Мелюць без прычыны,
Быццам час свой марна трацім
Мы каля дзяўчыны.
І ўсё пхнуць нас да работы,
Хоць таго не знаюць,
Што да працы я ахвоты
Без дзяўчат не маю!
З любай стрэнуся, бывае,
Прыгарну к сабе я,
Сэрца радасцю палае,
Галава яснее.
Жыць тады, сябры, ахвота,
Хораша наўкола,
Мігам робіцца работа
З песняю вясёлай!
Дык мяліце ж без прычыны,
Вы, старыя людзі, –
Вас паслухаем тады мы,
Як дзядамі будзем!