Рамансы і песні
1-й паловы XX ст.
Не загаснуць зоркі ў небе
(Словы Янкі Купалы. Музыка Мікалая Янчука)
Не загаснуць зоркі ў небе
Покі неба будзе, –
Не загіне край забраны,
Покі будуць людзі.
Ночка цёмная на свеце
Вечна не начуе;
Зерне, кінутае ў ніву,
Ўсходзіць ды красуе. (2 р)
Наша зерне – нашы думкі –
Не загінуць свету, –
Бліснуць краскай непаблеклай
Вечных агняцветаў.
З добрых думак, што мы кінем
На сваім дзірване,
Будзе ўнукам нашым жніва –
Доля, панаванне. (2 р)
Беларускаю рукою
Светлай праўды сіла
Славу лепшую напіша
Беларусі мілай.
Зацвіце яна, як сонца
Пасля непагоды,
Ў роўнай волі, ў роўным стане
Між усіх народаў. (2 р)
Не загіне край забраны,
Покі жывы людзі, –
Не загаснуць зоркі ў небе,
Покі неба будзе. (2 р)