Вясельныя ПЕСНІ

Із-пад дуба, із-пад корэня

(“як малады зьбіраецца ехаць за маладой”)

Із-пад дуба, із-пад корэня*
Там вада-ручаёк бяжыць.

Бяжыць.
Там вада-ручаёк бяжыць,
Там Іванко да каня жы поіць.

Поіць.
Там Іванко да коня жы поіць,
Той конь да воды не п’е.

Не п’е.
Той конь да воды жы не п’е,
Ён яго по галоўцы б’е.

– Ня бі мяне па галованьцы*,
Бо я буду у прыгоданьцы.

Як ты будзеш біці-паганяці*,
То я буду годна выступаці.

* Пазначаныя радкі паўтараюцца двойчы.

Зап. Л.Ф. Касцюкавец у 1975 г. у в. Ананчыцы Салігорскага раёна ад Вольгі
Пажыган, 1921 г.н., Лідзіі Міхнавец, 1928 г.н., Таццяны Міхнавец, 1927 г.н., і
Матроны Міхнавец, 1930 г.н.

Спеўны сход