Прыпеўкі
і жартоўныя песні

Я па грыбы пашла – заблудзілася

Я па грыбы пашла – заблудзілася,
Сустрэлася і з суседам – загулялася.
Ой, гулі ды пагулі, загулялася*.

Ужо пеўні пяюць, я дамоў ня йду,
І другія ўжо пяюць, а я й ня думаю.
Ой, гулі ды пагулі, я й ня думаю.

Як зара ўзышла, я дамоў пашла,
Сонца ўзышло – я у двор прышла.
Ой, гулі ды пагулі, я у двор прышла.

Я у хату прышла – полаг адкрываецца,
Мілы прачынаецца, на міне ён лаецца.
Ой, гулі ды пагулі, на міне ён лаецца.

– Дзе ты, шэльма, хадзіла, дзе ты валачылася,
Ўсю ноч валачылася, па пояс памачылася?
Ой, гулі ды пагулі, памачылася.

– Міленькі мой, за табой спала,
Белымі ручкамі цебе абнімала.
Ой, гулі ды пагулі, цебе абнімала.

А ты чаго адурачыўся,
Ат мяне, маладой, атварачаўся?
Ой, гулі ды пагулі, атварачаўся?

* Апошні радок кожнай страфы паўтараецца двойчы.

Зап. Т.Б.Варфаламеева ў 1978 г. у в. Гарэнічы Бярэзінскага раёна ад Марыі
Аўтуховіч, 1920 г.н., Соф’і Дзямідчык, 1932 г.н., Соф’і Шахвароставай, 1941
г.н., Алены Раманоўскай, 1917 г.н., Любові Аўтуховіч, 1921 г.н., Ганны
Рахманька, 1934 г.н., і Алены Лаўцовай, 1943 г.н.

Спеўны сход