Песні філаматаў
і філарэтаў
Філарэцкая песня
Прэч ад нас, прэч, смутку хмары!
Лепш падымем хмелю чары
Вышай голаў, хай вясёла
Тут ляціць наш час!
Ці памогуць нараканні?
Нашы ўперадзе світанні!
Добрым людзям добра будзе –
Сонца стрэне нас.
Добрым доля хай спрыяе,
А ліхіх хай Бог карае.
Хто пачцівы, той шчаслівы,
Той на вышыні.
З намі будуць нашы леты –
Віват, брацці-філарэты!
Сцерпім мужна з песняй дружнай
Мы няволі дні.
Далівай жа чары, Стасе,
Часу шмат яшчэ ў запасе.
Гэй, аддана п’ем за Зана –
Віват Тамаш Зан!
Ёсць яшчэ на свеце цнота,
Хто ж больш годны за Чачота?
П’ем за Яна ўсе з пашанай,
Віват Чачот Ян!
За Міцкевіча здароўе –
Хай нас тут усцешыць зноў ён.
Нам надзеі ўсім навее
Боскай лютні гук.
Зноўку нашы ўскінем шклянкі –
П’ем за вас цяпер, каханкі!
Шмат губляе, хто не знае
Ласкі мілых рук.
Пасядзім яшчэ паўхвілі –
Тост жа мы адзін забылі.
Зноўку нашы ўскінем чашы –
Віват вам і мне!
Спаражнілі чары ўсе мы,
Ну а з імі й вершаў тэмы.
Ды і вершам не завершым
Мы гамонку, не.