Рамансы і песні
2-й паловы XX ст.
Аксамітны летні вечар
(В. Навіцкі і С. Сокалаў-Воюш)
Аксамітны летні вечар ахінуў зямлю,
Я вазёрную сінечу вуснамі лаўлю.
Моўчкі слухаю ў росах песьню салаўя.
Над маім лунае лёсам Беларусь мая.
А над лесам, над сусьветам выпрастаў крыло
Залацісты човен ветах, зорнае вясло.
Стан дзявочы Белай вежы, подых ручая,
Я адной табе належу, Беларусь мая!
Там, дзе гойдае вятрыска залаты мурог,
Паўставалі камяніскі ля тваіх дарог.
Чырванее раньні золак, рэха ў гаях,
А ў грудзях тваіх асколак, Беларусь мая.
Мне краёў чужых ня трэба, як не варажы,
Не хачу чужога хлеба, радасьцяў чужых,
Бо чужына сэрца джаліць, цісьне, як зьмяя,
Бо гукае з дальніх даляў Беларусь мая.