Рамансы Мiхала
Клеафаса Агінскага

Аддаюся я каханню

(Музыка Міхала Клеафаса Агінскага, Словы невядомага аўтара, пераклад Васіля Сёмухі)

Аддаюся я каханню
Ад цямна і да відна,
Хай не кіне нас яднанне
І на поўным схіле дня.
О, любоўнасці крыніца,
Ці магла б ты так умець
Зноў паслаць мяне на смерць,
А самой адной знябыцца?
А самой адной знябыцца?

Ты кахаеш! Слова — дзіва,
Полымя душы дае,
Божая рука шчасліва
Слёзы выцерла мае.
А калі мне лёс варожы
Ўдзеліць спадчыны такой,
Гордай я каханцы свой
Лёс не кіну на падножжа.
Лёс не кіну на падножжа.

Што мне ўдары грознай Паркі*,
Што мне помслівы праклён,
Як з пяшчотаю каханкі
Сыдзе рэшта маіх дзён,
Як анёл мой дух абудзіць,
Да нябёс яго памкне,
Хай твая рука ўва мне
Полымя душы астудзіць.
Полымя душы астудзіць.

Парка*- у старажытнарымскай міфалогіі – багіня лёсу

Спеўны сход