Пра нас
Грамадская ініцыятыва «Спеўны сход» з 2014 года яднае людзей, якія цікавяцца беларускай музычнай культурай.
«Спеўны сход» ладзіць сустрэчы, на якіх усе ахвотнікі спяваюць беларускія песні розных перыядаў. За час свайго існавання мы распрацавалі і правялі вялікую колькасць тэматычных сходаў: песні з «Полацкага сшытка», рамансы Міхала Клеафаса Агінскага і Станіслава Манюшкі, песні першай і другой паловы XX стагоддзя, каляндарна-абрадавыя песні і іншыя. Акрамя гэтага, былі арганізаваныя спеўныя сходы, прысвечаныя творчасці «The Beatles», польскім, шведскім і габрэйскім песням. Дзякуючы «Спеўнаму сходу» ў 2018 годзе «Купалінку» адначасова праспявала некалькі тысяч чалавек.
Ад пачатку заснавання «Спеўныя сходы» праводзіліся не толькі ў Мінску, але і ў іншых гарадах Беларусі – Брэсце, Віцебску, Гродне, Бабруйску, Вілейцы і Маладзечне. Цяпер яны ладзяцца і сярод беларусаў у іншых краінах свету. Мы арганізоўваем шмат адметных падзей, каб сустрэчы з беларускімі песнямі неслі радасць як мага большай колькасці людзей.