Дзіцячыя ПЕСНІ

Верабей варыў піва

А у печы жар-жар,
На прыпечку дзіва:
Наварыў верабей
Пшанічнага піва.
А для дарагіх гасьцей
Мурашку зарэзаў!
Кадку мяса насаліў,
Шост кілбас навесіў!
Чалом-чалом, верабей,
Лятуць к табе госьці!
Ляці скарэй пераймаць
Важных ягамосьцяў!
Ляціць доўгі журавель,
За ім – чапля і хрушчэль,
І пані стракатка —
яна яму матка.
І пані чачотка —
Яна яму цётка,
Сіняя сінічка —
Родная сястрычка.
Прыляцелі совы,
Селі па застольлю.
Прыляцелі каўкі,
Паселі на лаўкі.
А варона хлябок кроіць,
А муха місачкі строіць,
Камар піва носіць,
Піці-есьці просіць.
Елі кашу са швядамі,
Елі верашчаку,
Як пад’елі-напіліся,
Ўсе сказалі дзякуй!
Крук варону — стук у бок,
Сойка сойку — за чубок
Завяліся біцца,
Не маглі зьмірыцца!
А хрушчэль упіўся
Пад стол заваліўся
А сарока пайшла ў скокі
Ўзяўшыся убокі…
На вясельлі вераб’я
Весяліліся да дня…
Я таксама там быў,
Саладзенькі мёд піў!

Спеўны сход