Бяседныя ПЕСНІ

Ой, там за гарою… (любоўная)

Ой, там за гарою,
Ой, там за другою,
Васіль сена косіць,
Марына прыходзіць.

Марына прыходзіць,
Дзяціну прыносіць,
Ой, Васіль, Васілю,
На табе дзяціну.

Ой, Васіль, Васілю,
На табе дзяціну,
А калі не возьмяш,
На пракосе кіну.

Васіль сена косіць
І дзяціну носіць.
І дзяціну носіць,
Ката прыпявая.

Маленькая ўрожа,
Па табе, урожа,
Уся худоба ляжа й.

Ой, там за гарою,
Вой, там за другою,
Васілёва маці
Васіля шукая.

Васілёва маці
Васіля шукая.
Ой, Васіль, Васілю,
Йдзі, сынок, дадому.

Ой, Васіль, Васілю,
Йдзі, сынок, дадому.
Заняла Марына
Сем валоў з-пад бору.

Заняла Марына
Сем валоў з-пад бору.
Сем валоў з-пад бору,
Восьмую – карову.

На табе, Марына,
Каня варанога,
Пакінь жа любіці
Сына маладога й.

А нашто мне, маці,
Твой конь вараненькі,
Калі спадабаўся
Васіль молодзенькі.

Хоць сто рублей збуду –
Васілёва буду[уй].

Спявае Яловік Ядвіга Іванаўна
Месца запісу: в.Таўкачэвічы, Бярозавая Пасека, Уздзенскі р-н, Мінская вобл. ЗапісалаЛія Мацвееўна Салавей у 1972 г.
АІМЭФ – Ф. 20. Воп. 72. Ст. 34. №19.
Альбом “Бяседныя песні” (2019 TRADYCYJA)

Спеўны сход