Народны альбом

Кантрабандыст

Тут на памежжы
Каменныя вежы,
Жалезныя дзьверы,
Замкі і засовы.
Таемныя пасткі,
Падземныя сховы,
Маўклівыя маскі
На тварах аховы.
Ім сэрцы і душы
Аплецены дротам
І токам атручана кроў.

А ў кантрабандыста
Блакітныя вочы,
Ён працуе штоночы.
Робіць цёмную справу,
Парушаючы Права
І Закон крымінальны,
Праз граніцу цягае
Кантрабандны тавар.

А ў кантрабандыста
Сталёвыя нэрвы,
Ён гуляе ў цемры
Ў небясьпечныя гульні.
І драпежная куля
Нецярпліва чакае,
Каб, нарэшце, спаткацца,
Каб напіцца крыві.

Ды ў кантрабандыста
Ёсьць ад кулі замова,
Не баіцца ён змовы
І таемнае пасткі.
Не баіцца судзьдзі ён,
Не баіцца ён кратаў.
Ён з-за кратаў дахаты
Усё адно ўцячэ.

Бо ў кантрабандыста
Ёсьць на сэрцы наколка,
Там ключы i іголка
І кажанавы крылы.
Ён турэмныя дзьверы
Тым ключом адмыкае
І ў цемры зьнікае,
Не сказаўшы гудбай.

Тут на памежжы
Каменныя вежы,
Жалезныя дзьверы,
Замкі і засовы.
Таемныя пасткі,
Падземныя сховы,
Маўклівыя маскі
На тварах аховы.
Ім сэрцы і душы
Аплецены дротам
І токам атручана кроў.
Кроў… Кроў… Кроў…

Спеўны сход