Песні і гімны 1-й паловы XX ст.
Гімны эпохі барацьбы за дзяржаўнасць
У пачатку XX стагоддзя беларускі нацыянальна-дэмакратычны рух быў у пошуках гімна. Найбольш папулярнымі былі «Беларуская марсельеза» («Ад веку мы спалі») на словы Аляксандра Мікульчыка і «А хто там ідзе?» на словы Янкі Купалы. Менавіта гэтыя два гімны выконваліся на Усебеларускім з’ездзе 1917 года ў Менску, вынікам з’езда стала далейшае абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі. У канцы 1919 года быў прадстаўлены гімн «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» (словы Макара Краўцова, музыка Уладзіміра Тэраўскага), які стаў гімнам беларускага нацыянальнага руху ў эміграцыі, таксама папулярны ў Заходняй Беларусі міжваеннага перыяду. У 1947 годзе Мікола Равенскі паклаў музыку на верш Наталлі Арсенневай «Магутны Божа», ён лічыцца духоўным гімнам Беларусі.
У 2018 годзе, да 100-годдзя з дня абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, быў падрыхтаваны Спеўны сход на тэму беларускіх гімнаў.
Уладзімір Тэраўскі, Мікола Равенскі і Мікола Куліковіч (Шчаглоў), творчасць якіх прадстаўлена на «Спеўным сходзе», – знакавыя постаці айчыннай культуры, стваральнікі нацыянальнага кірунку ў беларускай музыцы. Іх лёсы склаліся няпроста. Уладзімір Тэраўскі быў расстраляны бальшавіцкімі ўладамі, Равенскі і Куліковіч пайшлі ў вечны спачын на чужыне. Але іх культурная спадчына стала падмуркам, на якім паўстала незалежная Беларусь.
Спеўны сход, песні першай паловы XX стагоддзя
Духоўны гімн «Магутны Божа»
«Ваяцкі марш» (музыка – Уладзімір Тэраўскі, словы – Макар Краўцоў)
ПЕСНІ
(словы Краўцова Макара, музыка Уладзіміра Тэраўскага)
Мы выйдзем шчыльнымі радамі
На вольны родны свой прастор.
Хай воля вечна будзе з намі,
А гвалту мы дамо адпор!
Няхай жыве магутны, смелы
Наш беларускі вольны дух.
Штандар наш бел-чырвона-белы,
Пакрый сабой народны рух!
На бой! За шчасце і за волю
Народу слаўнага свайго!
Браты, цярпелі мы даволі,
На бой – усе да аднаго!
Імя і сілу беларуса
Няхай пачуе й убачыць той,
Хто смее нам нясці прымусы
І першы выкліча на бой.
Браты, да шчасця мы падходзім:
Хай гром грыміць яшчэ мацней!
У крывавых муках мы народзім
Жыццё Рэспублікі сваей!
(музыка Міколы Шчаглова-Куліковіча, словы Максіма Багдановіча)
Толькі ў сэрцы трывожным пачую
За краіну радзімую жах, –
Успомню Вострую Браму святую
І ваякаў на грозных канях.
У белай пене праносяцца коні, –
Рвуцца, мкнуцца і цяжка хрыпяць...
Старадаўняй Літоўскай Пагоні
Не разбіць, не спыніць, не стрымаць.
У бязмерную даль вы ляціце,
А за вамі, прад вамі – гады.
Вы за кім у пагоню спяшыце?
Дзе шляхі вашы йдуць і куды?
Мо яны, Беларусь, панясліся
За тваімі дзяцьмі наўздагон,
Што забылі цябе, адракліся,
Прадалі і аддалі ў палон?
Біце ў сэрцы іх – біце мячамі,
Не давайце чужынцамі быць!
Хай пачуюць, як сэрца начамі
Аб радзімай старонцы баліць...
Маці родная, Маці-Краіна!
Не ўсцішыцца гэтакі боль...
Ты прабач, ты прымі свайго сына,
За Цябе яму ўмерці дазволь!..
Ўсё лятуць і лятуць тыя коні,
Срэбнай збруяй далёка грымяць...
Старадаўняй Літоўскай Пагоні
Не разбіць, не спыніць, не стрымаць
(словы Янкі Купалы, музыка Мікалая Янчука)
Не загаснуць зоркі ў небе
Покі неба будзе, –
Не загіне край забраны,
Покі будуць людзі.
Ночка цёмная на свеце
Вечна не начуе;
Зерне, кінутае ў ніву,
Ўсходзіць ды красуе. (2 р)
Наша зерне – нашы думкі –
Не загінуць свету, –
Бліснуць краскай непаблеклай
Вечных агняцветаў.
З добрых думак, што мы кінем
На сваім дзірване,
Будзе ўнукам нашым жніва –
Доля, панаванне. (2 р)
Беларускаю рукою
Светлай праўды сіла
Славу лепшую напіша
Беларусі мілай.
Зацвіце яна, як сонца
Пасля непагоды,
Ў роўнай волі, ў роўным стане
Між усіх народаў. (2 р)
Не загіне край забраны,
Покі жывы людзі, –
Не загаснуць зоркі ў небе,
Покі неба будзе. (2 р)
(словы Алеся Мікульчыка, гарманізацыя Уладзіміра Тэраўскага)
Ад веку мы спалі і нас разбудзілі,
Мы знаем, што трэба рабіць,
Што трэба свабоды, зямлі чалавеку,
Што трэба зладзеяў пабіць!
Што гэта за марная доля няшчасная:
Без хлеба, без грошай працуй.
Усюды ганяюць, усюды смяюцца,
Ну проста, хоць крыкні: «Ратуй».
Смяюцца над намі багатыя людзі,
Здаецца, панамі іх зваць…
Мы доўга цярпелі, цярпець больш не можам –
Дык пойдзем мы долі шукаць!
Мы дружна паўстанем з касамі, сярпамі,
Прагонім з зямлі палачоў!
Няхай нас сустрэнуць палямі, лугамі
Грамады працоўных людзёў.
(словы Наталлі Арсенневай, музыка Міколы Равенскага)
Магутны Божа! Уладар сусветаў,
вялізных сонцаў і сэрц малых,
над Беларусяй ціхай і ветлай,
рассып праменне Свае хвалы.
Дай спор у працы будзённай, шэрай,
на хлеб штодзённы, на родны край.
Павагу, сілу і веліч веры
у нашу праўду, у прышласць – дай!
Дай урадлівасць жытнёвым нівам,
учынкам нашым пашлі ўмалот.
Зрабі свабоднай, зрабі шчаслівай
краіну нашу і наш народ!