Спеўна-танцавальны сход.
Песні Любаншчыны

Песенная спадчына Любанскага раёна

Любаншчына (Любанскі раён) месціцца на поўдні Мінскай вобласці, на памежжы этнаграфічных культур Цэнтральнай Беларусі і Усходняга Палесся. Спеўны сход знаёміць з багатай песенна-танцавальнай спадчынай гэтага рэгіёну.

Спевы і танцы з музыкамі Любаншчыны

Васіль Семашкевіч (гармонік) і Мікалай Юніцкі (бубен) – сапраўдныя носьбіты беларускай народнай інструментальнай традыцыі

Сяргей Выскварка (горад Любань) – майстар традыцыйных беларускіх танцаў

Любанскія песні

Дыхальныя і гукавыя практыкаванні ад Cержука Доўгушава

Любанскія песні: «Ой, вы, пчолы, мае пчолы», «Талака», «Ой, у лузе каліна стаяла», «Хлопцы сюда», – з аўтэнтычным спеваком Уладзімірам Ціханоўскім (вёска Рачэнь, Любанскі раён)

«Песні Любаншчыны» на фэсце «Камяніца – 2018»

Спецыяльныя госці: Сямён Клейнер і Гомельскі ансамбль габрэйскай музыкі, Сяржук Доўгушаў (аўтар праекта)

Спеўны сход у Маладзечне

На першы Спеўным сходзе ў Маладзечне спявалі любанскія песні разам з Сержуком Доўгушавым і Уладзімірам Ціханоўскім

ПЕСНІ



У нас сягоння талака
Шчука рыбу валакла,
а на дварэ да й не рано – 2р.

Талочнікі не пяюць –
ім гасцінца не даюць,
а на дварэ да й не рано – 2

У нашага гаспадара
кудравая галава,
а на дварэ да й не рано – 2

Ён кудрамі патрасе –
нам гасцінца прынясе,
а на дварэ да й не рано – 2

Гаспадыня вутка,
варачайся хутка,
а на дварэ да й не рано – 2

Стаўце кашу на стол,
а горшчыка кінь пад стол,
а на дварэ да й не рано – 2


З рэпертуару народнага спевака Уладзіміра Ціханоўскага
(вёска Рачэнь, Любанскі раён)

1. Ой, вы пчолы мае пчолы
Пчолы ярые мае.
*Пчолы мае, ярые мае – 2 р

2. Ой, чаму ж вы седзіцё
У паход не леціцё? *

3. Ці вас дожджык замачыў?
Ці вас ветрык не ўсушыў?*

4. Ой вы госці мае госці,
Госці любые мае *

5. Ой, чаму ж вы седзіцё
Хлеба, солі не есцё?*

6. Ці мой хлеб не пушоны,
Ці я сам не вяселы? *

7. А я хлеб падкушу,
А я вас развесялю. *

8. А я вас развесялю.
Дударыкаў я найму.*

9. Дударыкі будуць граць
А мы пойдзем танцаваць.*


З рэпертуару фальклорнага гурта «Павалякі»  (вёска Вобчын, Любанскі раён)

1.Ой, у лузе каліна стаяла
Пад калінаю дзеўчына гуляла. – 2р

2. Пад калінай дзеўчына гуляла,
Із каліны цвяты сабірала. – 2р

3. Із каліны цвяты сабірала,
Із цвяточкаў вечэру гатавала – 2р

4. «Ой, варыся вечэра, варыся
А мой мілы дамой вараціся!» – 2р

5. «Ой, вячэра ужо закіпае,
А мой мілы на парог уступае» – 2р

6. «Сядзь жа мілы са мной на порозе,
Раскажы, што ты чуў у дарозе». – 2р

7. «Чуў я міла такую навіну,
Што ты маеш малую дзеціну». – 2р

8. «Начавалі цыгане на траўцы,
Дай пакінулі дзеціну на лаўцы» – 2р

9. «Давай міла каня запрагаці,
Дай паедзем цыган даганяці» – 2р

10. «Ой, не трэба каня запрагаці,
Трэба міламу праўду сказаці» – 2р

11. «Начаваў жа казак да тры ночы,
Дай пакінуў мне карые вочы» – 2р


1. Ой за горкай за гарой
Гуляў маёр маладой
* Хлопцы сюда, малайцы сюда!
Сюда, сюда дзевушкі, дзе гуляю я! – 2р
2. Гуляў маёр маладой
Нежанаты, халастой *
3. Нежанаты, халастой
Пад ім конік вараной *

4. «Здраствуй, мілая мая,
да ці дома маць твая?» *
5. «Нема дома нікаго,
Палезай маёр у вакно» *
6. «Не маёрска гэта чэсць
Да любімай у вакно лезьць!» *

Спеўны сход