Купальскі Спеўны сход

Спевы купальскай ночы

Купалле – старажытнае свята ўсходніх славян, якое бярэ пачатак у дахрысціянскія часы, прысвечана дню летняга сонцастаяння і росквіту прыроды. Царква спрабавала сумясціць гэта свята з днём Іаана Хрысціцеля, праз што Купалле таксама мае назву Іванаў (Янаў) дзень. Але цалкам злучыць іх не ўдалося: «Сёння Купалле, заўтра Ян» – радкі з народнай песні. На Беларусі свята захавала найбольш архаічныя формы.

Святкаванне купальскай ночы мае багата абрадаў. Беларусы запальваюць купальскае вогнішча, цераз якое трэба скакаць для рытуальнага ачышчэння. Важнай часткай свята ёсць узняцце на высокім шасце драўлянага кола (сімвал сонца), якое потым падпальваецца. На ўзыходзе сонца абавязковае рытуальнае купанне, пусканне вянкоў па рацэ для варажбы. Усе беларусы ведаюць пра чароўную папараць-кветку, якую можна знайсці толькі ў купальскую ноч.

Адмысловыя песні займаюць значнае месца купальскіх абрадаў.

Купальскі Спеўны сход са студыяй «Варгін»
(дворык Гістарычнага музея, 23 чэрвеня 2019)

Песня «У нас сягодня Купала» выконваецца з абавязковым карагодам

«Ў цёмнам лесе»
разам з Юліяй Літвінавай і фольк-гуртом Miareža

Купальская песня «Ішла Купалка» з гуртом «Варган»

ПЕСНІ

 

вёска Замошша, Ушацкі раён. Раіса Галаўко (1932 г.)

У нас сягоння
У нас сягоння Купалачка
Купалачка

А заўтра ў нас
А заўтра ў нас Іванечка
Іванечка

А хто ня быў
А хто ня быў на Купаллі
На Купаллі

Бадай таго
Бадай таго прыкапалі
прыкапалі

 

Ішла Купалка сялом-сялом (2р)
Закрыўшы вочкі пяром (2р)
Вітала хлопцаў чалом (2р)
Паліла ночкі агнём (2р)
Пліла вяночкі шаўком (2р)
Слыла Купалка дабром-цяплом (2р)
Слава Купалкі пяём-пяём (2р)

Аблілась слізой, з цем ушла дамой,
Так прайшлі маладыя гада.

Выконвае: Фальклорны гурт «Варган»
Альбом «Музыка Полаччыны» ( «Tradycyja», 2018)

 

(вёска Бярозкі, Брагінскі раён)
Ой, у лузе, лузе
на белай бярозе,
Ой, рана раненько, на белай бярозе

Русалка сядзела
да й лета пытала,
Ой, рана-раненько, да лета пытала

Ой, ці было лецечко
Ой, ці не бывала,
Ой, рана-раненько, ой, ці не бывала

А я маладая
ў каморы спала,
Ой, рана-раненько, ў каморы спала

Русалкі, русалачкі
наце вам вяночкі,
Ой, рана-раненько, наце вам вяночкі

Не будзеце браці,
не будзем даваці,
Ой, рана-раненько, не будзем даваці

Не будзем даваці,
на Дняпро пускаці,
Ой, рана-раненько, на Дняпро пускаці

 

(З рэпертуару гурта «Мярэжа»)
У цёмнам лесе, у цёмнам лесе гаманіна, гаманіна
Сосна з еллю, сосна з еллю гаварыла, гаварыла
Нешчасная, нешчасная тая маці, тая маці
У каторай, у каторай сыноў многа, сыноў многа
Штосуботу, штосуботу хахлы дзяруць, хахлы дзяруць
Штонядзелю, штонядзелю на суд ідуць, на суд ідуць

У цёмнам лесе, ў цёмнам лесе гаманіна, гаманіна
Сосна з еллю, сосна з еллю гаварыла, гаварыла
Шчаслівая, шчаслівая тая маці, тая маці
У каторай, у каторай дачок многа, дачок многа
Штосуботу, штосуботу сваты едуць, сваты едуць,
Штонядзелю свадзьбы йграюць, свадзьбы йграюць.


То-то-то (паўтор пасля кожнага радка)
Не дзеўка агонь клала,
Сам бог агонь раскладаў,
Усіх святых да сябе зваў,
Звала Купала Іллю,
Ты прыдзі да нас Ілля,
Ты прыйдзі на купалля.
Не магу я, Купала,
Гэту ночку мне ня спаць,
Трэба жыта пільнаваць,
Каб змяя не ламала,
Карэння не капала.

Купальскі Спеўны сход са студыяй «Варгін» (у дворыку Гістарычнага музея) 23 ліпеня 2019

Спеўны сход